| Апякункі паэтычных нябёсаў |
[Apr. 19th, 2012|12:04 pm] |
25 красавіка а 18-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13, Траецкае прадмесце) запрашае на адкрыццё літаратурна-дакументальнай выставы "Апякункі паэтычных нябёсаў".
Дадзеная выстава аб’ядноўвае яркіх, выбітных прадстаўніц беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст.: Еўдакію Лось, Дануту Бічэль, Веру Вярбу, Ніну Мацяш, Таісу Бондар, Валянціну Коўтун, Раісу Баравікову, Яўгенію Янішчыц, Галіну Каржанеўскую. У сукупнасці гэтыя асобы ўтвараюць сімвалічную колькасць роўную дзевяці – менавіта столькі музаў, апякунак мастацтваў, вядома яшчэ з Антычнасці. Да іх ліку часам дадаюць першую сусветнавядомую жанчыну-пісьменніцу – Сапфо, выява якой невыпадкова будзе прадстаўлена на выставе. У экспазіцыі таксама можна ўбачыць рэчы як з фондаў музея, так і з асабістых архіваў пісьменніц, іх сваякоў і сяброў. Большасць матэрыялаў будуць выстаўляцца ўпершыню.
У паэтэс лірычнае адзенне, Яно ў радках з заранак і аблог.
Так некалі сцвярджала Яўгенія Янішчыц, нам застаецца толькі ацаніць і засвоіць творчасць паэтэс, якая, бясспрэчна, змяшчае ў сабе сапраўдныя духоўныя каштоўнасці, актуальныя ў любы час для кожнага чалавека. |
|
|
| Прэзентацыя кнігі Леаніда Галубовіча "З гэтага свету" |
[Apr. 12th, 2012|02:42 pm] |
18 красавіка а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13, Траецкае прадмесце) адбудзецца прэзентацыя кнігі паэзіі Леаніда Галубовіча "З гэтага свету".
Гэтая кніжка – плён дванаццацігадовага публічнага маўчання паэта. Столькі часу ён не выступаў з вершамі ў друку, а дзесяць гадоў і ўвогуле іх не пісаў. Усе змешчаныя тут тэксты ёсць пазнакамі водгукаў яго душы на зрухі і праявы нядаўняга часу. Своеасаблівы метафарычны аналіз аўтарам свайго ўнутранага жыцця. Вершы публікуюцца ўпершыню. |
|
|
| Рыцар паэзіі |
[Feb. 21st, 2012|10:16 am] |
24 лютага а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13, Траецкае прадмесце) адбудзецца вечар памяці Алеся Пісьмянкова “Рыцар паэзіі”, прымеркаваны да 55-годдзя з дня нараджэння паэта.
Усе, хто ведалі Алеся Пісьмянкова, адзначаюць, што ён быў надзвычай узнёслым, рамантычным чалавекам, вымяраў сваё жыццё і свае творы шкалою тых каштоўнасцей, якія былі напрацаваны нашымі далёкімі продкамі і правераны стагоддзямі беларускай культуры. Маральная высакароднасць і непарыўная духоўная сувязь пакаленняў гучаць у паэзіі Алеся Пісьмянкова.
Падзяліцца сваімі ўспамінамі пра паэта запрошаны родныя, блізкія, сябры і калегі Алеся Пісьмянкова – Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская і іншыя. |
|
|
| Літаратурная гасцёўня: Вечаровае веча |
[Feb. 10th, 2012|03:15 pm] |
15 лютага а 18-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13, Траецкае прадмесце) адбудзецца творчы вечар беларускай пісьменніцы Людмілы Паўлікавай-Хейдаравай – аўтара некалькіх кніг паэзіі і прозы, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча. “Вечаровае веча” – так будзе называцца яе новая кніга паэзіі, вершы з якой прагучаць на вечарыне.
У праграме: выступленні Генадзя Бураўкіна, Алеся Разанава, Сяргея Панізніка, Ніны Сакавай, Валярыны Куставай, Іны Перасецкай, Андрэя Малаковіча, этнафолкгурта “Дзівасіл”, бардаў Таццяны Беланогай, Алеся Камоцкага, Эдуарда Хейдарава, Алесі Сівохінай. |
|
|
| Літаратурная гасцёўня: Пачынаецца ўсё з любві... |
[Feb. 7th, 2012|03:18 pm] |
Напярэдадні Дня святога Валянціна пагаварыць пра светлае пачуццё кахання запрашае Вас Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13, Траецкае прадмесце), дзе 13 лютага а 17-й гадзіне адбудзецца літаратурна-музычная вечарына “Пачынаецца ўсё з любві…”.
Вас чакае сустрэча з лаўрэатам Усерасійскага конкурса раманса “Голос осенний” Наталляй Клімковіч, музыкантам, дыпламантам міжнародных конкурсаў Андрэем Сіваковым і заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Эдуардам Гарачым.
У праграме вечара: вядомыя рамансы, песні на словы беларускіх і рускіх паэтаў; паэзія А.Пушкіна, Б.Пастэрнака, С.Ясеніна, Г.Бураўкіна, А.Багамолавай, В.Сакаловай, В.Паліканінай і інш.
Кошт білетаў – 10 тыс. рублёў (білеты ў касе музея). |
|
|
| Літаратурная гасцёўня: І слова роднае ліецца... |
[Jan. 20th, 2012|12:17 pm] |
27 студзеня а 18-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13, Траецкае прадмесце) запрашае на сустрэчу з удзельнікамі суполкі маладых творцаў “Літаратурнае прадмесце”, якой апякуецца вядомая беларуская пісьменніца Людміла Рублеўская.
У праграме гасцёўні: вершы ў выкананні маладых паэтаў Рагнеда Малахоўскага, Аксаны Спрынчан, Зміцера Арцюха, Таццяны Будовіч, Юлі Новік, Аксаны Бязлепкінай, Юрася Нератка, Міколы Кандратава, Таццяны Барысюк, Наталлі Кучмель, Віктара Лупасіна, Таццяны Пратасевіч, Дар’і Лёсавай, а таксама ігра на дудзе, бардаўскія і народныя песні. |
|
|
| Фэст "Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску!.." |
[Nov. 29th, 2011|11:35 am] |
 У гэтыя халодныя снежаньскія дні мы хочам даць вам крыху цяпла, утальнасці, выдатнага настрою і любові!.. А таксама вас чакае якасная беларуская музыка і добрая еўрапейская паэзія! Прыходзьце самі і запрашайце сяброў! Перабудзем зіму разам! Культурніцкая ініцыятыва Твой Фэст пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі» прадстаўляе:
Першы літаратурна-музычны фэст беларускай еўрапейскай лірычнай культуры «КАХАЙ ПА-БЕЛАРУСКУ, ЖЫВІ ПА-ЕЎРАПЕЙСКУ!..»
Вас чакае сустрэча з бліскучымі беларускімі паэтамі і музыкамі! Усе пакаленні сучасных творцаў на адной сцэне. У праграме не толькі сталічныя легенды, але і зоркі з рэгіёнаў! Таксама адбудзецца ўганараванне пераможцаў Конкурсу Ідэй для крэатыўнай беларускай моладзі, які праводзіўся ў межах фэсту. Вас чакаюць конкурсы і падарункі!
Дзе: Менск, клуб “LOFT” (вул.П.Броўкі, 22)
Калі: 5 і 6 снежня 2011
Пачатак усіх мерапрыемстваў а 19.00. ( Read more... )
|
|
|
| navigation |
| [ |
viewing |
| |
most recent entries |
] |
| [ |
go |
| |
earlier |
] |
| |
|
|